03.10.2008
Яны баранілі Беларусь
![]() |
| Студэнты 3 курса філфака (беларускае аддзяленне). Злева направа: Віктар Ярац, Мікола Грабянюк (стаіць), Лявон Барташ, Анатоль Бруцкі. 1968 г. |
Сёлета спаўняецца сорак гадоў, як студэнты філалагічнага факультэта БДУ паставілі на мэце запатрабаваць ад кіраўніцтва тагачаснай БССР выкладання ўсіх прадметаў на аддзяленні беларускай мовы выключна па-беларуску. Як гэта ўсё адбывалася і якія былі вынікі, распавядае адзін з ініцыятараў той акцыі, заснавальнік музея «Лёс і чалавек» у Мастах, першы яго дырэктар Леў Георгіевіч Барташ.
— Цяпер нават цікава ўзгадваць тыя часы, і я гляджу на ўсё, што адбылося, з набытага жыццём вопыту. Канец 1968 года. Мы маладыя. Маладосць пастаянна імкнецца да новага, хоць яно заўжды забытае старое. Маладосць шчыра і катэгарычна пярэчыць сталасці. З адстаўкай Хрушчова так званая «адліга» скончылася, чатыры гады ў СССР камунізм ужо будаваў Леанід Брэжнеў. У гэты год адбываліся чэхаславацкія падзеі. Савецкія танкі раздавілі волю чэхаў і славакаў да дэмакратыі. У Маскве з’явіліся дысідэнты. І не адзін. Амаль дзесятак. Гэта мы ведалі. Чацвёрты інтэрнат БДУ, дзе жылі студэнты філфаку, па Паркавай магістралі — цяпер праспект Пераможцаў — быў месцам, дзе мы маглі вольна выказвацца. Лекцыі — адно, а казаць пра набалелае адзін аднаму — зусім іншае. Гутаркі, спрэчкі, нават непаразуменні былі ў нас тады звычайнай з’явай. Мы цікавіліся гісторыяй сваёй бацькаўшчыны, неабыякава ставіліся да роднай беларускай мовы. У нас былі цудоўныя выкладчыкі — Ніл Гілевіч, Алег Лойка. Нас тады вельмі непакоіла, што на беларускім аддзяленні філалагічнага факультэта акрамя беларускай мовы ўсе прадметы выкладаюцца на рускай. Першы сакратар ЦК КПБ Пётр Машэраў, які ў той час кіраваў БССР, апантана праводзіў русіфікацыю. Дарэчы, у гэтым 1968 годзе ўсе гарадскія школы былі пераведзеныя на рускамоўнае навучанне. Была ліквідавана камісія, якая стварала беларускую тэрміналогію. А тым часам падрыхтоўка да святкавання 50-годдзя БССР была ў поўным разгары.
І вось мы вырашылі нешта рабіць, каб абараніць нашу мову, але дзейнічаць легальна.
Ад каго паўстала ідэя напісаць зварот у абарону беларускай мовы і сабраць пад ім подпісы, не магу сказаць. У звароце былі не толькі прапановы адносна навучання на беларускім аддзяленні філфака, пытанне ставілася значна шырэй.
Нягледзячы на тое, што Машэраў не спрыяў беларускай мове, але мы паставілі на мэце з гэтым пытаннем звярнуцца да яго як да апошняй інстанцыі.
Праца па збору подпісаў прайшла вельмі лёгка. Нас падтрымлівалі. Некаторыя выкладчыкі падчас лекцый давалі актывістам дазвол праводзіць збор подпісаў. На факультэце было больш за паўтысячы студэнтаў. Не падпісалася толькі тры чалавекі: адна студэнтка, дачка народнага пісьменніка, які, як толькі даведаўся пра нашу акцыю, абазваў нас «шчанюкамі». А ў мінулым годзе прачытаў у «Полымі» артыкул нашай аднакурсніцы Тамары Краўчанкі. Яна піша, што не падпісала адозву наша аднакурсніца Жэня Янішчыц. Яе ўчынак патлумачыць не магу. Не падпісала таксама яшчэ адна перакананая камсамолка. Потым, дарэчы, яна шчыра плакала і спачувала нам на камсамольскім сходзе факультэта, калі нас разбіралі публічна.
Пасля таго, як былі сабраны подпісы, мы, ініцыятыўная група, пайшлі да Машэрава. Далей прыёмнай нас не пусцілі. Подпісаў мы не аддалі.
А тым часам на факультэце з гэтай нагоды сабралі камсамольскі сход, дзе, як мы даведаліся, хацелі паставіць пытанне пра адлічэнне нашай ініцыятыўнай групы з БДУ. Яшчэ адна акалічнасць. КДБісты знешне да нас не праяўлялі цікавасці. Зараз разумею, што «пасвілі» нас, як пастухі скаціну на лузе, а вось брудную справу рабілі чужымі рукамі. Аднак ніхто пытання нашага адлічэння не ўзняў. Ініцыятыва пра наша адлічэнне сыходзіла зверху, але студэнты адрынулі яе адразу. Аднак былі некаторыя выкладчыкі беларускай мовы, якія выступілісупраць нас. Гэта Яўген Камароўскі, ён толькі-толькі ўступіў у партыю і актыўна адпрацоўваў дадзены яму давер. Але надзіва той камсамольскі сход скончыўся тым, што знялі кіраўніка камсамола факультэта, а на яго месца абралі бунтара Алеся Разанава. Мяркую, што гэта стала вялікай нечаканасцю для тагачаснай улады.
Пасля гэтага ціск на нас узмацніўся. Сесія. Экзамены. Каб не падстаўляць сяброў, мы зменшылі колькасць нашай ініцыятыўнай групы да трох чалавек: Алесь Разанаў, Віктар Яраш і я. І нам некаторыя іспыты прыходзілася здаваць па некалькі разоў, хаця дагэтуль такіх праблем не было. Відаць, такі загад далі выкладчыкам. Была такая Клёсава, якая заваліла нас на гістарычным матэрыялізме. Праўда, мы потым ёй пераздалі: Алесь, Віктар і я.
Узгадваецца яшчэ адзін амаль анекдатычны выпадак. Выкладчык, па прозвішчу Кулак, які падчас рэпрэсій 30-х гадоў стаў Камунарам, а ў так званую «адлігу» зноў вярнуўся да бацькавага прозвішча, паставіў нам «нездавальняльна» па гігіене. Таксама пераздалі. Самае сур’ёзнае нас чакала на вайсковай кафедры. Не разумею, чаму, але я адзін з тройцы здаў экзамен. Хлопцы не здалі. Іх адлічылі. Віктар скончыў навучанне ў Гомельскім педінстытуце, Алесь — у Брэсце.
Сярод іншага зараз узгадваецца, як нас вадзілі да рэктара універсітэта Сеўчанкі і як гэты вучоны-оптык высокага ўзроўню, калі мы толькі пераступілі парог кабінету, адразу пачаў называць нас «буржуазнымі нацыяналістамі». Прафесар Алег Лойка ўспамінае зараз, што ён на поўным сур’ёзе настойліва патрабаваў, каб нас усіх выключылі.
Мне далі магчымасць скончыць навучанне, але па размеркаванню займеў што ні ёсць ссылку. Быў накіраваны ў Асвею на Верхнядзвіншчыну. Жыў на самым беразе возера. Таму і зараз заядлы рыбак.
Тое, што ўсе мы былі пад пільным наглядам органаў, я зразумеў, калі прыехаў па размеркаванні. У Верхнядзвінску адзін чыноўнік з РАНА распавёў, што ім усё вядома пра мяне, і сказаў, адкуль у іх такія звесткі.
У Асвеі адпрацаваў пяць гадоў. Вярнуўся на бацькаўшчыну, але і зараз сумую па тых мясцінах.
Прайшло сорак гадоў з тае пары, аднак лёс не наканаваў мне пабачыцца зноў з Алесем Разанавым і Віктарам Ярашам. Радуе толькі адно — мы не сышлі са сцежкі беларускасці.
Леў Барташ, "Новы час"


