Дакументы на рэгістрацыю пададзены
18.08.2008
16 жніўня 2008 г. Дзмітрый Кухлей падаў дакументы на рэгістрацыю ў якасці кандыдата ў дэпутаты па Мастоўскай выбарчай акрузе № 56 у акружную камісію па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 4 – га склікання, якая знаходзіцца ў мястэчку Вялікая Бераставіца (Бераставіцкі раён).
Ініцыятыўнай групай па вылучэнні Дзмітрыя Кухлея кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь было сабрана болей за 1500 подпісаў грамадзян. Пасля праверкі сабраных подпісаў і кансультацыяў з юрыстамі выбарчым штабам было вырашана падаць 1094 подпіса грамадзян.
Ініцыятыўная група па збору подпісаў у падтрымку Дзмітрыя Кухлея першапачаткова складалася з 41 чалавека. З-за ціску мясцовых уладаў адна актывістка па збору подпісаў вымушана была напісаць заяву аб выхадзе з групы. Таксама пад ціскам мясцовых уладаў некаторыя актывісты вымушаныя былі не збіраць подпісы, фармальна ўваходзячы ў ініцыятыўную групу. Актыўнасць асобных валанцёреў была нейтралізавана тым, што яны былі камандзіраваны ў іншую мясцовасць або пайшлі ў армію.
Збор подпісаў праходзіў без істотнага ціску з боку дзяржаўнай адміністрацыі на ініцыятыўную групу за выключэннем асобных выпадкаў. Грамадзяне ахвотна падпісваліся за незалежнага прэтэндэнта ў кандыдаты. Выпадкі адмовы былі адзінкавымі, прычынамі чаго з’яўляюцца:
- недасведчанасць у выбарчым заканадаўстве: асобныя грамадзяне былі дэзінфармаваны або не ведалі, што маюць права падпісацца за некалькіх прэтэндэнтаў;
- боязнь рэпрэсіяў з боку дзяржадміністрацыі: працаўнікі райвыканкому, частка настаўнікаў, медыцынскіх работнікаў і працаўнікоў установаў, якія маюць дачыненне да дзяржаўных органаў, адмаўляліся падпісвацца з-за боязні наступстваў на працы. Пры гэтым некаторыя з іх выказвалі падтрымку і жаданне галасаваць за незалежнага кандыдата;
- апатыя і абсентэізм, адсутнасць жадання ўдзелу ў выбарах;
- адсутнасць неабходных дакументаў;
- адкрытая варожасць да кандыдатаў ад дэмакратычных сіл.
Выбарчы штаб Дзмітрыя Кухлея ацэньвае праведзеную кампанію па сбору подпісаў здавальняюча і зараз пачынае падрыхтоўку да асноўнага этапу – агітацыі.

